ДО́ГМАТЫ РЭЛІГІЙНЫЯ,
афіцыйна прызнаныя палажэнні рэліг. веравучэння, якія абвяшчаюцца царквой бясспрэчнай ісцінай, не падлягаюць перагляду і зменам, прызнаюцца вечнымі боскімі ўстанаўленнямі, абавязковымі для ўсіх веруючых. Кожная з рэлігій мае сваю дагматычную сістэму. У хрысціянстве догматы зацверджаны 2 першымі ўсяленскімі саборамі — Нікейскім (325) і Канстанцінопальскім (381) і атрымалі назву Нікея-Царградскага сімвала веры. Яны ўключаюць 12 асн. догматаў: аб адзінстве і траістасці Бога; аб Хрысце як зямным увасабленні Бога, сыне Божым, пасрэдніку паміж Богам і людзьмі; аб другім прышэсці Хрыста на зямлю; аб пашане адзінай саборнай царквы; аб неабходнасці хрышчэння; аб веры ў цялеснае ўваскрэсенне памерлых; аб веры ў замагільнае жыццё пасля «страшнага суда» і інш., якія пазней дапаўняліся. Праваслаўная царква абмежавалася рашэннямі першых 7 сусв. сабораў. Пасля падзелу цэркваў заходняя, рымска-каталіцкая, уключыла ў сваё веравучэнне новыя догматы: аб філіёкве (аб зыходжанні Святога духа не толькі ад бога-айца, але і ад сына); аб чысцілішчы; аб запасе добрых спраў; аб бязгрэшным зачацці Багародзіцы. Пратэстантызм прызнаў Д.р. аб апраўданні сваіх паслядоўнікаў вераю, а не царквою. Іудаізм у розныя часы прытрымліваўся розных дагматычных сістэм, з іх засталіся асн. тры: прызнанне адзінабожжа Яхве, богавыбраннасці яўр. народа і чаканне прыходу месіі (збавіцеля). Іслам у межах яго багаслоўскай сістэмы — калама — выпрацаваў догматы: аб адзіным Богу — Алаху, аб яго пасланніку Мухамеду, аб прадвызначэнні чалавечага лёсу Алахам. Індуізм зыходзіць з прызнання святасці «Ведаў», з перасялення душ, з няроўнасці людзей, наяўнасці кармы і інш. (гл. таксама Догма).
А.А.Цітавец.
т. 6, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)